Зміцера Дашкевіча разам з жонкай Настай выклікалі на допыт. Цяжарную Насту Дашкевіч выклікаюць на допыт у пятніцу.

“Цяпер жа, калі прыйшла позва на трэці допыт, я ня проста спужаўся – я разгубіўся, бо разам з позвай на мяне прыйшла позва і на маю жонку Насту. Нас выклікалі на допыт удвух, а пойдзем мы ўтрох – і гэта, напэўна, найцяжэйшае выпрабаваньне ў маім жыцьці. Я ці не ўпершыню за змагарскія гады задумаўся, заставацца нам ці ехаць, – паведаміў Зміцер Дашкевіч.

Я разумею, каб жыць спакойна – трэба ехаць. Каб стаць героем – трэба ехаць і абвінавачваць тых, хто застаўся. А так, што я тут: сяджу пад акупацыяй, рэжым не валю і танкі не спыняю – агент і здраднік – дый толькі. Але для мяне заставацца ў Беларусі – найцяжэйшае штодзённае рашэньне. І нават не таму, што зона – там нічога новага, а таму, што ты не належыш сам сабе. Канешне, можна было б жыць спакойна. І нават стаць там героем. Але я не хачу такога геройства. Дый сёньня нават ніякага не хачу. Я хачу проста данесьці свой крыж. Бо “Хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той ня варты Мяне,” – сказана Тым, Хто збавіў мяне, і я хацеў бы крыж свой утрымаць. І я не кажу пра іншых – бо многім трэба было паехаць, і я некаторым раіў ехаць. Але я кажу пра сябе: мне трэба застацца. Хоць я кожную раніцу чую, як ляпаюць дзьверы ў пад’езьдзе. Хоць мне і цяжка ад думкі, колькі акупантам трэба яшчэ нашай крыві, каб насмактацца?

Я, а напэўна і многія людзі цяпер, думаю: калі ўжо скончыцца жах гэты, калі ўжо канец?! Вельмі хацелася б, каб хутчэй. Але я таксама разумею, што хуткасьць несумяшчальная з якасьцю, як казаў мне адзін цясьляр. Бо мы цьвёрдахрыбетныя, бо калі ўсё добра і калі спакойна – мы ня хочам думаць і рабіць над сабою высілак. А вось калі жалезныя нары і бэтонная падлога, калі акупацыя сьціскае да невыноснасьці, калі вайна на парозе, тады некаторыя, хто ня думаў – пачынаюць думаць, а некаторыя, хто толькі думаў – пачынаюць рабіць над сабою высілак. Я для сябе зразумеў, калі мы пераможам, і хачу падзяліцца з вамі. Мы пераможам, калі Юля Чарняўская загаворыць па-беларуску, а Ганна Севярынец і, безумоўна, Стась Карпаў, прымуць Ісуса Хрыста як свайго Госпада і Збаўцу. Канешне, гэта прыпавесьць, канешне, імёны гэтых цудоўных людзей – гэта вобраз нашага народа. Але за кожным вобразам ёсьць мы, ёсьць рэальны чалавек, які ў час выпрабаваньня набліжаецца да праўды і Таго, Хто ёсьць Крыніцаю праўды.

Я ня ведаю, ці я вярнуся сёньня. Калі я вярнуся сёньня, я ня ведаю, ці я вярнуся наступны раз. Але дазвольце мне паўтарыць тое, што я напісаў больш за тысячу разоў у лістах палітвязьням: сёньня нам трэба з усяе моцы ўчапіцца за Ісуса Хрыста і родную мову – толькі тады выратуемся – і кожны з нас як асоба, і мы ўсе разам – як нацыя. На зоне – нічога новага і гэта не канец сьвету. Таму за мяне не хвалюйцеся. Хто можа, памаліцеся за каханую маю Насту і таго, хто ў яе пад сэрцам і пойдзе на допыт разам зь ёю. Будзьма трымацца за Ісуса Хрыста і родную мову – і тады пераможам”.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...